30 верасня журналістка Кацярына Ваданосава напісала на сваім профілі ў Facebook, што польскія памежнікі ўручылі яе 74-гадовай маці пад подпіс апавяшчэнне, што яе 6 кастрычніка дэпартуюць самалётам у Літву.
Кацярына патлумачыла, што гэта звязана з адмовай польскіх устаноў прызнаць яе маці міжнародную ахову. Жанчына была вымушаная з’ехаць з Беларусі праз ціск з боку КДБ. Уцякаць ёй давялося праз Літву, яна змагла з дапамогай праваабаронцаў атрымаць літоўскую візу. Цяпер польскія ўлады патрабуюць, каб заяўніца з’ехала ў краіну, што выдавала візу — то-бок у Літву, кажа журналістка Кацярына Ваданосава.
— На нас абрынулася бюракратычная машына, і па-сутнасці, згодна з законам, нічога не парушаецца. Паколькі мая маці мела літоўскую візу, калі прыехала, польская дзяржава мае права маю маці адправіць у краіну, якая выдала візу. Разам з тым у Дублінскім пагадненні прадугледжваюцца і гуманітарныя чыннікі. Чальцы адной сям’і могуць заставацца разам пры наяўнасці волі з боку дзяржавы. Сёння дакументы з суда былі перададзеныя ў выканаўчыя структуры, у тым ліку памежнікам. Ніхто маю маці цяпер не дэпартуе.
На сітуацыю зрэагаваў вядомы польскі дакументаліст Юрка Каліна, які напісаў у сацыяльных сетках пост, назваўшы дадзены выпадак «прыкладам жахлівага лёсу палітычнай эмігранткі ў Польшчы».
У размове з Польскім радыё рэжысёр патлумачыў, што не мог прамаўчаць у такой сітуацыі.
— Я думаю, што кожны, калі мог бы нешта зрабіць і дапамагчы, - адгукнуўся б. Дзеецца крыўда для старой, хворай жанчыны, якую бяздушная бюракратыя хоча выдаліць з краіны, дзе яна апынулася як палітычныя ўцякачка. Толькі ў Польшчы яна мае сваю сям’ю, дачку Кацярыну, якая можа ёй апекавацца, дапамагаць. Дэпартацыя б у Літвы азначала б для ёй застацца самой, не ведаючы мовы, не маючы кватэры. Крытычная сітуацыя! Таму трэба дапамагаць!
Па словах Кацярыны Ваданосавай, яна атрымала вялізарную падтрымку. Розгалас дапамог і дэпартацыю пакуль устрымалі. Справай яе маці зоймецца суд 28-га кастрычніка.
— Агромністая хваля дапамогі ды падтрымкі. Я вельмі ўдзячная адвакатцы Ганне Мацяеўскай, якая ад самага пачатку вядзе нашу справу. Таксама Павал Латушка ўжо год уздымае пытанне аб сітуацыі з маёй маці, каб паўплываць не толькі на нашу сітуацыю, а ўвогуле. Наш кейс не адзінкавы. Вельмі шмат людзей уключылася ў дапамогу. Я нядаўна пачала граць у Тыкоцінскім аматарскім тэатры, пара рэпетыцый было, а кіраўнічка тэатру хадзіла на прыём да ваяводы ў па нашай справе, адзін з акцёраў дайшоў да віцэ-маршалка Сенату. Таксама сп. Каліна данёс нашу сітуацыі да Маршалка Сейму. Шквал падтрымкі вялікі, я вельмі ўдзячная.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч